
Традыцыйна Беларускі саюз мастакоў раз на тры гады праводзіць маштабны мастацкі праект, прысвечаны сучаснаму дэкаратыўна-прыкладному мастацтву. На выставе VI Трыенале дэкаратыўнага мастацтва «Сувязі» прадстаўлены як класічныя, традыцыйныя формы мастацтва, так і новыя эксперыментальныя інтэрпрэтацыі.
Акрамя таго, паказаны работы з праекта Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, прысвечаныя 50-годдзю кафедры дызайну і моды «Сем+» (сем выпускнікоў плюс сем студэнтаў).
На адкрыцці прывітальнае слова сказалі прадстаўнікі Беларускага саюза мастакоў: першы намеснік старшыні Андрэй Васілеўскі, а таксама куратар выставы і старшыня секцыі мастацкага тэкстылю Алена Обадава.
Сваімі ўражаннямі падзяліўся мастацтвазнаўца і журналіст Пётр Васілеўскі:
«У Беларусі няма правінцыі ў сэнсе мастацтва. Мы бачым гэта на прыкладзе Мастацкай галерэі г. Полацка. Гэта цудоўная сустрэча з сучасным беларускім авангардам. Задумка мастака, як паказвае гісторыя, пазней становіцца новай эстэтыкай рэальнасці».
На мерапрыемстве прысутнічалі і аўтары работ — Марыта Голубева, Надзея Манцэвіч, Вераніка Кудраўцава, Наталля Смаляк, Аляксандра Наркевіч і іншыя.
Выстава будзе працаваць да 5 кастрычніка — паспейце ўбачыць творы сучасных беларускіх мастакоў і дакрануцца да свету мастацтва.